Страница:
67 из 129
А чалавек-тля наступаў:
— І вас… І вас у яму… І вам пад плот, у жабракі… Каб вошы вас елі, чысценькія… Што, аднаму мне?
Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з'явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы.
— Кінь, — сказаў Алесь. — Сядайце, пан…
— І сяду, — куражыўся той. — Сяду, аж пакуль вы… Выпіце па апошняй…
— А вы з намі.
Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку.
…Ён выпіў поўную шклянку.
Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар.
— І суд не купіце, — разваліўся ён. — Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць… Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу!
Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў.
— Поіце. А чаму? Рыла ва ўсіх у пушку. Дык усім нічога, а мне… мне…
Нешта цёмнае і страшнае лямантавала за гэтымі бязладнымі словамі.
Бяссільны, п'яны, гэты гной быў усё ж страшны, як тхор, прыціснуты ў канцы нары, калі за спіною нічога няма: вось кінецца і схопіць за сонную артэрыю. Апошні, на мяжы існавання, адчай рухаў ім.
— Хабары. А як без хабару? Калі пісар квартальны… дзесяць рублёў пенсіі палучае… Дурні толькі, — у яго ўжо заплятаўся язык.
Алесь наліў зноў.
— До, — сказаў Макар. — Ён алкаголік.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|