Страница:
68 из 129
Яму і чаркі — до!
— Мяне дык вось так… А за бычка залатога… Што прыставу… за бычка залатога?… А я вас… У Сібір-р.
Галава ягоная ўпала на стол.
— Правароніў? — са страшнай пагрозай сказаў палавому Бабкін. — Ну, што цяпер? Прымусіць, каб сам… сляды замёў?
— Не прымушайце…
— То як? Цябе — галавою.
— Стойце, — сказаў Алесь. — Не трэба. Вы нас не ведаеце. Я не ведаю вас. Ты правароніў — ты і рабі. Вазьмі грошы. Узвалі гэтую падлу на свайго рамізніка. Вязі адсюль аж на Ласіны Востраў і там кінь. Толькі без дурыкаў — рукі не пэцкаць. Ён п'яны як мех. Праспіцца ў лесе — падумае: здалося, сон сасніў… А вы — звяжыцеся моцным словам.
— Маеш рацыю, — сказаў Бабкін. — Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца — сам яго ў «Воўчую даліну» павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш.
— Злітуйцеся.
— Я сказаў, — у «купца дзіркі» быў цяпер амаль страшны выгляд. — Я не паўтараю.
Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў «Воўчую даліну» не павязуць*.
* Месца між Масква-ракой і Водаадводным каналам, або «канавай», было забудаванае самымі страшнымі трушчобамі. Іх забаранілі рамантаваць і чакалі, пакуль яны разваляцца. У большасці дамоў ужо ніхто не жыў, акрамя тых, хто хаваўся. Вялікі Каменны мост за тры гады да падзей быў яшчэ стары, пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі, гарбом, з тратуарамі, аддзеленымі ад праезджай часткі высокімі каменнымі брустверамі. Хадзілі цэнтральным праездам, бо на тратуарах, між дзвюма высокімі сценамі, рабавалі.
|< Пред. 66 67 68 69 70 След. >|