Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 89 из 129

Маракі яму крычаць: «Прэч!» А той ім: «Гэта і нам, мужыкам, дараваць нельга, а не тое што высакародным». Тут адзін з маракоў Дмітрыя Вялікага — за бараду. Той аж збялеў. «Не, — кажа, — бары! Па-нашаму не так». Ды ў ахапак таго, ды ў круг, да мядзведзя. Публіка тады — да Дзмітрыя. Ды новавяскоўцы з падважнікамі — у абарону. Як пачалі іх біць. Тыя — уроссып, на поле, на шашу. А за імі багатыроўцы, ды падважнікамі, падважнікамі. Збілі да апошняга. На полі — як Батый прайшоў. Смяхоцце! І нічога, ніякага суда. Выпілі толькі потым бітыя з тымі, хто біў. Смяяліся шмат… Новавяскоўцы гэтыя такія разбойнікі: на кожным двары шыбеніцу стаў — не памылішся.

Тройка спускалася ў невялічкі яр.

— Унь там, злева, за заставай яна ляжыць. Новая Вёска, а па-культурнаму Новая Андронаўка. Дарожка тут — у-у. Народ смелы, ні д'ябла не баіцца.

Даволі далёка бачныя былі саламяныя стрэхі. За імі — будынкі манастыра, запушчаныя, з абдзёртымі дрэвамі.

— Усясвяцкі, жаночы, — сказаў Чыўін. — Новаблаславёнага сагласія. Прыемле свяшчэнства ад ніканіянскай царквы.

— Можа, «дзявочы»? — спытаў Алесь.

— Жаночы, — націснуў на слове Чыўін. — Самае б… месца.

Адразу за манастыром свежай плямай хвоі зелянеў на шэрым аненгофскі гай.

— Мужыкі яго ў адну ноч дарослымі дрэвамі пасадзілі, — сказаў Чыўін. — Для імператрыцы Анны. А цяпер там між дрэў сцерво валяецца ды рознае смецце. А унь там — палявы двор, рэчка Сінічка, а за ёю поле, а за ім Ізмайлаўскі звярынец, аж да самага Ласінага завода.

|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]