Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 88 из 129

Цкуюць там ваўкоў, мядзведзяў ці быкоў.

— Быкоў нашто?

— А так бывае, што бугай на бойні атрымае молатам у лоб, але сцегавец, бервяно на слупах, выдзярэ і ўцячэ. То вось тады цкуюць. А сабакі розныя. На ваўка — ваўкарэзы. На мядзведзя — медэлянскія. Ёсць такія, што адзін на адзін мядзведзя бяруць. Сем пудоў вагі, аршын два вяршкі росту, сем чвэрцяў даўжыні да хваста. А калі не бярэ, то ў дапамогу — мардаша. Такія сабакі ў Івана… А на быкоў добрыя псы ў таганца, у Сіліна Паўла Сямёнавіча. Вось і цкуюць. Публікі часам збіраецца тысячы тры — любяць гэта масквічы.

— Паляванне лепей, — сказаў Алесь. — Ды я цяпер амаль і не палюю.

— Каму як, — сказаў Чыўін. — Каму паляванне, каму цкаванне да брыдкасці. Аднойчы да Багатырова афіцэры марскія прыехалі. Гэта пасля Свістопаля было, і разбэшчаныя яны тады былі — да немагчымага. Як жа — гір-роі. З бітым задам. Ну, а мядзведзя цкуюць вядома як. У крузе два бервяны крыж-накрыж, закапаныя ў зямлю. На скрыжаванні кальцо, а за яго — канат даўжынёй аршын у пяць-шэсць. А на канаце — мядзведзь. А ў крузе сам Багатыроў, а ля яго хлопцы з Новай Вёскі, што яго слухаюцца, ды ўсе з падважнікамі ў руках: часам на мядзведзя, а часам і на публіку. І пачалі афіцэры шкандаліць, бо п'яныя і ўзбуджаныя: «Багатырова цкаваць! Бараду яму выдраць!» Сунімалі іх па-добраму — нічога. Станавога яны прагналі. Палкоўніка Калашнікава, паважанага чалавека, і таго не паслухалі. Тады ідзе да іх Дзмітры Вялікі з Новай Вёскі, першы на Маскву кулачнік.

|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]