Страница:
96 из 129
Непадалёку ад Алеся рабаваты купец з замілаваннем глядзеў на быка, торгаў нагамі ад нецярплівасці і ледзь не са слязьмі крычаў:
— Ну пайшла, ці што? Пайшла?! Пайшла?!
— Ты што лямантуеш, чортамалот? Рыла луснуць гатовае, а нерв-най!
Бык узняў галаву і працягла зароў. Яму было страшна, але ён рыхтаваўся дорага прадаць жыццё. Вакол незнаёма, зусім не так, як на даржніку ці ў травяным зялёным полі, смярдзела потам, тытунём, газамі і выпарэннямі чалавечых цел. І звер крычаў, аж варушылася на закінутай глотцы хвалістае льснянае валлё. Багатыроў махнуў рукою.
Са скрогатам паднялося акенца ў агарожы. Вялізны медэлянскі пёс куляй вылецеў з яго і забаяўся: пайшоў трохі ў абход быка. Бык быў дасканаласць, і пёс быў дасканаласць.
— Бушуй! Бушуй! — зарыкаў натоўп.
У акенца выскачыў за Бушуем другі сабака, таксама, відаць, сем з паловай чвэрцяў у даўжыню ад вушэй да хваста. У гэтага вочы былі наліты крывёй, а масць кідалася ў сіняву.
— Га-лу-бы! — роў натоўп. — Га-лу-бы!
Бушуй, убачыўшы падмацаванне, асмялеў. З двух бакоў памчалі да быка дзве вялізныя істоты. Бык ударыў быў Бушуя, але не рагамі, а лбом, і пёс пакаціўся па зямлі. Але ўжо ў наступны момант зноў ускочыў.
Яшчэ праз хвіліну два целы цяжка віселі на ягоных вушах. Пасярэдзіне круга рухаўся, з напругай кружыўся клубок з сопу, пырхавання, прыглушанага — праз поўную поўсці пашчу — клёкату і бурчання.
Бык прыўзняў быў галаву, але яна адразу рухнула амаль не да зямлі: чатырнаццаць пудоў вісела ў яго на вушах.
— Ар-ар-ар! Ар-ар-ар!
Ільсняныя тулавы сабак матляліся па зямлі. Гэта было так абрыдліва, што Алесь адвёў вочы.
Убачыў хлопчыка. Той сядзеў на кукішках, каб не глядзець на «круг».
|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|