Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
18 из 23
Мяне заўсёды ашуквалi, адно панаванне злосцi не мае заган, мяне ашуквалi, праўда заўсёды калючая, важкая, цвёрдая, яна не трывае нюансаў, а дабро, дабро - гэта летуценне, памысная мара, спраўдзiць якую заўжды адкладаюць, да якой увесь час iмкнуцца да зняможання сiлы, гэта ўяўная рыса, якой нiколi не дасягнуць, дабро панаваць не здольна. Толькi лiха можа дайсцi да сваёй мяжы i запанаваць непадзельна, адно лiху трэба служыць дзеля ўсталявання яго бачнага царства, далоў Эўропу, рацыю i гонар, i крыж. Але, я мусiў прыняць рэлiгiю сваiх уладароў, але, але, я быў раб, аднак калi я таксама бязлiтасны - я ўжо не раб, нягледзячы на звязаныя ногi, на нямы без'языкi рот. О, якi сквар, ён даводзiць мяне да вар'яцтва, уся пустэльня крычыць пад невыносным святлом, а таго, Пана лагоды, адно iмя якога прымушае мяне здрыгануцца, - я адмаўляю яго, бо цяпер ён мне добра вядомы. Ён летуценiў, ён мроiў, ён хацеў схлусiць, а яны выразалi яму язык, каб ягонае слова больш не ашуквала свет, прыбiлi яго цвiкамi, яго бедную галаву, як цяпер у мяне, о, каша, як я стамiўся i зямля не скаланулася, я ўпэўнены ў гэтым, бо забiлi не праведнiка, я адмаўляюся гэтаму верыць, праведнiкаў няма, ёсць бязлiтасныя настаўнiкi, уладары, што нясуць з сабой панаванне няўмольнае праўды. Так, толькi ў фетыша ёсць моц i сiла, ён адзiны - бог у гэтым свеце, i яго запавет - нянавiсць, што крынiца ўсяго жыцця, што выток свежай вады, свежай, як мята, што апякае рот i ледзянiць вантробу.
Я змянiўся тады, i яны зразумелi гэта, пры сустрэчы я цалаваў iм руку, я быў свой сярод iх i ўвесь час захапляўся iмi, я iм давяраў i спадзяваўся, што яны скалечаць маiх, выдзеруць iм языкi, як некалi выдзерлi мне.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|