Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
15 из 26
Каталiцкае духавенства, дзе якое было раней i якое дзе цяпер з'явiлася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланiзуюць сваiх парафiян i тлумачаць, што няма нiякай Беларусi, а ёсць Польшча. Усё iдзе ад вiленскага бiскупа Ялжбыкоўскага29. Аб гэтым дакладна ведае i тужыць беларускi патрыёт менскi ксёндз Шутовiч30. Я цвёрда намерыўся пiсаць старшыню Саўнаркома дакладную запiску, набраўшы фактаў. ("Нацыянальныя польскiя" сельсаветы ў Чарнагубаве i Каралiшчавiч[ах].) Пальшчызна стараецца пакiнуць польскага духу тут на наступныя пакаленнi.
3 кастрычнiка
Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужанiну, як яго мучылi ў польскай турме. Алаўкi памiж пальцаў, пампавалi ваду праз нос, бiлi гумавым кiем, замыкалi рукi ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цiкава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.31 мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi, але рук у кайданы не замыкалi.
Сёння ўночы пацукi не далi спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антанiне Лукашэўскай i двох яе сынох. Усё гэта можа пад маiм пяром ажыць i жыць доўгiм, поўным жыццём. I да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад свiтаннем я заснуў без трывогi i суму. Калi ўжо будзе тая кватэра i цiхi кут, каб пiсаць! Просiцца з пяра артыкул у "Звязду" аб лiтаратуры.
4 кастрычнiка
Серада. Хмурна. Дождж. Пiсаў "Скiп'ёўскi лес". Трэба далей так, кожны дзень.
5 кастрычнiка
Нiчога не пiсаў.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|