Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
14 из 26
Горкi быў адзiн, непаўторны, ён узвышаўся над iмi ўсiмi. Ён бачыў свой народ усюды, дзе былi яго рысы, ён меў глебу. А гэтыя не маюць глебы ў народзе, таму яны не ведаюць пра што пiсаць, шукаюць тэм i сюжэтаў, гавораць аб нейкiх "лiтаратурных знаходках" i сядзяць макам на здрабнеласцi расейскай савецкай лiтаратуры. Для iх калгаснiк - гэта той самы мужык, якi толькi згалiў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць i знойдзе i Эжэнi Грандэ25, i Iвана Карамазава, i Андрэя Балконскага26, i таго, хто не стаў яшчэ лiтаратурным персанажам, але ўжо стаў героем Савецкага Саюза. У вялiкай лiтаратуры персанажы маюць сваю бiяграфiю. А каб пiсаць бiяграфii людзей, трэба ведаць, што народ - гэта мiльёны iндывiдуальнасцей, кожны з сваiм iндывiдуальным аблiччам i лёсам, хоць i падначаленымi аднаму закону жыцця - нацыянальнаму i дзяржаўнаму. Чамусьцi пасля кнiгi К. Федзiна я пачаў думаць пра з'яву невядомую i чужую ўсяму таму, што ў той кнiзе: я думаю пра вечнае сваё, пра Францiска Багушэвiча. Кожная тая кнiга добрая, калi яна ўзбiвае чалавека на сталыя i важныя думкi.
29 верасня 1944 г.
Пятнiца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пiсьменнiкаў. Няма дзе адаспацца i адляжацца. Усе днi балiць галава, хiлiць на сон i зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошнi мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру i буду дбаць аб здароўi i пiсаць. За гэтыя днi бачыўся з Р.Шырмам27. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака28 i М.Танка.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|