Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
34 из 92
Ён устаў, адлупiў з бярэзiны вялiкi кавалак кары i падаў яго Тафi. Гэтым ён хацеў паказаць, што душа ў яго белая, як бяроста, i што ён нiкому не жадае зла. Але Тафi зразумела яго па-свойму.
- О, - сказала яна, - разумею! Ты хочаш даведацца, дзе жыве мая мама. Вядома, я не ўмею пiсаць, але я магу намаляваць карцiнку заўсёды, калi пад рукою ёсць што-небудзь вострае, каб можна было надрапаць яе. Дай мне на хвiлiнку зуб акулы з тваiх караляў.
Незнаёмы (а ён быў цяварац) нiчога не адказаў. Таму Тафi працягнула руку i тузанула да сябе каралi, што вiселi ў Незнаёмага на шыi. Каралi былi з пацерак, зярнятак i зубоў акулы.
Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: "Гэта вельмi, вельмi дзiўнае дзiця. У мяне ў каралях заварожаныя зубы акулы, i мне заўсёды казалi, што той, хто дакранецца да iх без майго дазволу, адразу ж распухне або лопне. Але гэтае дзiця не распухла i не лопнула. А той велiчны правадыр, што не звярнуў на мяне нiякай увагi, вiдаць, не баiцца, што дзяўчынцы пагражае бяда. Лепей мне трымацца з iмi яшчэ больш ветлiва".
Таму ён даў Тафi свой зуб акулы, i яна тут жа легла на жывот i заматляла нагамi ў паветры, зусiм як некаторыя дзецi робяць гэта i сёння, калi яны кладуцца ў пакоi на падлогу, каб намаляваць тую цi iншую карцiну. Яна сказала:
- Зараз я намалюю табе некалькi прыгожых карцiнак! Можаш глядзець у мяне з-за пляча. Адно не штурхай мяне пад руку. Спачатку я намалюю, як тата ловiць рыбу. Ён выйшаў у мяне не дужа падобны, але мама пазнае, бо я намалявала, што дзiда ў яго зламалася.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|