Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 10 из 109

Дзе ж яна тут ноймецца iначай, няма тут лiшне дзе i да каго, а так ёй жыць - хто яго ведае як i з чаго. У хаце - галота.

- Шпарка ж яна аўдавела, - панура сказаў Бушмар.

III

За колькi год перад гэтым на тым самым месцы, дзе стаяў на змроку Бушмар, калi напаткала там яго Амiля, адбылося адно не зусiм звычайнае здарэнне, польскiя салдаты стаялi тады густа па ўсiх суседнiх вёсках. Бушмар жыў у сваiм звычайным жывым спакоi. Раз у два тыднi выязджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як i заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамi ж ён падыходзiў праз свой лес да вёскi. Там ужо чакала яго Амiля. Часта яна выходзiла яму на спатканне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзiлiся блiзка адно пры адным на паваленай ялiне. Лес цiха гуў, страсаючы з сябе сухiя iголкi i снег. Снег быў i пад нагамi ў iх - абледзянелы, гладкi i ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае каленi, яна згiналася ў яго руках, рабiлася маленькаю перад iм, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносiў яе праз усю паляну да дарогi, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнiкаваю сцяною i пiльнаваў яе ўзрокам сваiм. Замарожаная цiшыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цiшыню. Яна знiкала з вачэй яго недзе ў цёмным мiргаценнi сцен i стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася наводшыбе за колькi крокаў ад лесу. Ён пасля паволi падаваўся ў свой бок, нiколi не познячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзiў нi доўга нi коратка - iшоў, як iшоў у рабоце, а вечарам Бушмар зноў iшоў праз лес.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]