Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 9 из 109

Нiдзе нiкога не было, яна вярнулася ў хату i пагаварыла з хвораю:

- Лявона няма нiдзе поблiзу, можа, куды адышоўся, а тут мне позна будзе iсцi адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправiла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.

- Добра, - адазвалася старая.

Жанчына рушыла з хаты. Мiнула сялiбны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохi ад сялiбы. I там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загiнiстым берагам каламутнай рэчачкi i кудысьцi глядзеў.

Яна на момант прыпынiлася, трохi жахнулася ад нечаканасцi. Ён пачуў яе крокi i азiрнуўся. Бровы яго былi ссунуты - гэта яна добра заўважыла.

- Амiля? - неспадзеўкi сказаў ён першы раз за гэты дзень яе iмя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе з'яўлення.

- Я iду дадому на сёння, даўно не была, заўтра на свiтаннi прыйду. Тут усё ў парадку.

- Iдзi, - адказаў ён адразу.

Яна заспяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволi пайшоў назад. Так ён сярод цiшынi спаткаў першы вечар у роднай сялiбе.

"Ёй не хочацца быць тут са мною, - думаў Бушмар уночы, - пайшла, уцякла. Баiцца".

Ён усмiхнуўся жорстка i цiха, як бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.

- Гэта вы самi, мамуня, падгаварылi яе застацца да нас? - падышоў ён, устаючы на свiтаннi, да старой.

- Каго? - не зразумела адразу мацi.

- Амiлю?

Стогнучы i вохкаючы, мацi гаварыла:

- Яна толькi як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прыйшла прасiцца.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]