Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 109
Маладая жанчына, нанятая гаспадыня, упоперак перад iм перайшла двор. Бушмар спусцiў у зямлю вочы i жорстка запытаў:
- Як жа ты нанялася з хаты?
Жанчына адказала не адразу. I то як бы нехаця:
- Так здарылася.
- Як?
- Памёр мой.
Бушмар аж уздрыгануўся. Вочы яго ўскiнулiся на жанчыну. Яна чамусьцi ад гэтага зiрку пачырванела, апусцiла галаву, уздыхнула. Заспяшалася ў сенцы. Бушмар стаяў усё i не зводзiў вачэй з жанчыны, аж пакуль яна праз увесь двор iшла.
У той дзень Бушмар рабiў многа. Заходзячы ў хату, ён разоў два падыходзiў да матчынай пасцелi, стаяў па колькi хвiлiн i маўчаў. Старая жанчына была слабою зусiм.
Бушмар стараўся цяпер не заставацца падоўгу ў хаце. Дарваўшыся да работы, ён у той дзень зрабiў шмат i надвечар, прытомлены, распачаў ужо завiхацца каля агарожы.
Жанчына зноў папалася яму на вочы. Яна ўскiнула цяпер на яго вочы свае, i ў голасе яе цяжка было заўважыць што большае за гаспадарлiвую звычайную руплiвасць, за абыякавасць да гаспадара i чужой работы. Была нават недаверлiвасць i варожасць да чужога чалавека. Яна iначай ужо, як ранiцаю, гаварыла цяпер:
- Можа, памагчы насiць?
Ён змоўчаў, а праз хвiлiну сказаў:
- Рабi там, што ў хаце трэба.
I глянуў гэтак, як i той раз ёй услед, але тут жа ўнурыўся ў работу, а яна пайшла ад яго подбегам, можа, штучна спяшаючы. Завязаная назад рагамi хустка збiлася ў яе з галавы, кароткая кудзельная вопратка была абсыпана асцюкамi. Яна была ў хаце, аж пакуль не змеркла, а на змярканнi шукала па двары яго вачыма.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|