Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 11 из 109



У той памятны для некаторых вечар Амiля была такая, як i кожны раз маленькая, блiзкая. Яна нават больш, як заўсёды, праседзела ў яго на каленях, але ўжо, калi ён памкнуўся давесцi яе да самага дому, яна сказала скрозь прынадны смех:

- Я адна перабягу, а ты iдзi.

Звярыная трывога ўкалола яго. Ён, як з помстаю, да болi сцiснуў яе пальцы; яна аж закрычала цiха. Ён сцiснуў руку ёй яшчэ мацней.

- Бяжы, - як бура, дыхнуў ён.

I сам пайшоў, але злосная трывога не пакiдала яго. Як на тое ўсё роўна iшлося. З паўдарогi ён вярнуўся ў вулiцу i прыпынiўся каля знаёмай хаты. Праз акно ён убачыў, як Амiля стаяла ля стала i моцна смяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара i ўбачыў з другога боку стала паляка з афiцэрскiмi нашыўкамi на зялёным салдацкiм сурдуце. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурылiся, губы сцiснулiся.

Па вулiцы хадзiла колькi жаўнераў. З сваiмi польскiмi няспрытнымi жартамi яны зазiралi ў вокны, дзе былi дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменне i сеў на бярвеннях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалi дзверы, i дзве постацi пайшлi паволi на вулiцу. Бушмар краўся следам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскiмi жартамi, а Амiля, як шамкамi, звiнела вясёлым смехам i пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:

- Цепер позна...

- Панна мувi "цепер" - хо-хо!

Паляк сам рагатаў i ўсё трымаў за руку Амiлю. Бушмар следам за iмi выйшаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу i краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкi.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]