Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 13 из 109

Яе перацягнулi колькi раз нагайкаю i дапыталiся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Амiля расказала ўсё, як гадзiн за тры да развiтання з польскiм афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля "бавiлася ў хаце i на вулiцы з панам паручнiкам". Праз месяцаў два яе выпусцiлi, а Бушмара i ў брата не знайшлi - счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.

Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякi хутар яго паскублi, дый так мацi пачала рашаць гаспадарку, бо не было сiлы ўпраўляцца адной.

Нiкому Бушмар нi ў чым не прызнаўся, нават самой Амiлi, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольнiцкi зiрк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.

- Не я забiў, - адказаў ён i мацеры.

I мацi з таго была ўпэўнена, што сын яе не вiнаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькi калi-нiкалi ўспамiналi людзi. На Бушмара ж, можна сказаць, нiхто i не думаў цяпер.

Другi раз Амiля прыйшла была да яго ўжо нейк пад восень. Незвычайная для яе, нездаровая смеласць была ў вачах яе. Узбуджанасць прыкметна была ў ёй надзвычайная.

- Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.

- Пытай.

Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.

- Цi iсцi мне замуж? Да мяне адзiн сватаецца.

- Калi добры чалавек трапляецца, дык iдзi.

У яе была трохi надзея на нейкi iншы адказ яго, пасля ж гэтага яна прыкусiла губы i пайшла шпарка. Ён упэўнiў сябе, што добра зрабiў, напусцiў на сябе весялосць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]