Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
47 из 109
Вiнцэнтамувялiкай работы не было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў - мяжу хлопцы зрабiлi шырокую, нават яна ўжо дзiрваном пачала ўростаць. I Вiнцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзiчак: "Няхай урастаюць - i мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, i ў спёку адпачыць добра на сваiм полi, пад сваёю дзiчкаю". А пасля i над дзiчкамi гэтымi i над мяжою пачала навiсаць хмара. Тады Вiнцэнты лiшнi раз упэўнiўся, што гады гадамi застануцца вечна i з iмi таму, хто не гад, не выжыць разам.
З таго часу, як Вiнцэнты прыходзiў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два цi тры разы прыходзiла i праходзiла восень. I як снег закiдаў зямлю, сцiхалi i ўсялякiя трывожныя гаворкi, i ўсё зiмавала спакойна. Дзiчкi на мяжы пачалi ўжо як мае быць убiрацца ў сiлу, але гэтая восень была самаю трывожнаю, i гаворкi былi самымi пэўнымi.
Восень даўно запанавала ў полi. Лес загуў мацней i трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымi прасторамi тхнула з лесу, поле сiнела пад рухавым ветраным небам.
Вецер iмчаўся полем.
З узгорка павольна спускаўся чалавек. Ён лёгка апiраўся на сукаваты старасвецкi кiй, iшоў як бы спацырам, нават штосьцi мармытаў сабе пад нос, нейкую песню, без слоў i мелодыi. Ён перакiдаўся з нагi на нагу i iшоў да лесу. За плячыма яго танула ў iмгле вёска.
У лесе, на прыдарожных выцерабах, вецер шастаў непрыбраным галлём i шыпулямi, ганяў кусты i весялiўся.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|