Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
48 из 109
Чалавек спыняўся, слухаў, але твар яго заставаўся халодным, як у таго, хто ўсё гэта спрадвеку ведае, уведаў сталаi назаўсёды.
Iмглiсты дзень. Мокры скавыш. Яна патрэбна тут, павольная постаць гэтага чалавека.
Так чалавек выйшаў за лес.
Сабака вартуе хутарскую адзiноту. Яго брэх доўга, аж пакуль чалавек не падышоў да ганка, ваюе з ветрам. Чалавеку непрыемны сабачы брэх.
- Галас, Галас, сцiхнi...
I, нарэшце, з раптоўнаю злосцю:
- Сцiхнi, каб ты апруцянеў, каб ты!
Тады адчыняе сенечныя дзверы жанчына цi дзяўчына - гэтакая яна свежая, ружовая. Вочы чорныя i вялiкiя. Нездаваленне i разам з тым жартлiвая хiтрасць у яе ўсмешцы:
- Як гэта ён не парваў вас?
- Дзяньдобры, панi Галена.
Жанчына ўсё стаiць на парозе, i ветлiваму старому няма як iсцi далей. Ён трымаецца на адным месцы, растапырыўшы рукi.
- Якая ж я панi? - смяецца жанчына, - цяпер няма паноў.
- Ну, няхай сабе няма, а вы панi.
Ён гаворыць гэта спрытна, лёгка, падступае блiжэй i есць вачыма жанчыну. Вiдаць, за свой век добра вывучыў ён разнастайнасцi жаночых характараў. Жанчына разумее яго добра i хiтра глядзiць на яго. Ёй робiцца весела, i яна смяецца, але стары ведае цану ўсiм жаночым смехам, ён iм не верыць адразу. I гады яго гэтакiя ўжо, што толькi хiба кпiць можа з яго, усмешкаю, маладая жанчына, але думак гэтакiх няма ў старога. Ён вiтаецца з жанчынай за руку. Тая руку падае, але з хiтрым, моцным смехам адразу вырывае назад. Тады стары бярэ яе за плечы, каб прайсцi ў сенцы. Жанчына бачыць, што ўжо досыць расцвялiла старога, i годзе ўжо гэтага.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|