Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
49 из 109
Дык яна робiцца жорсткаю:
- Вы за якою патрэбаю прыйшлi цi зноў...
- За патрэбаю, за патрэбаю, - шпарка ратуецца ён, - з таею ж самаю ўсё патрэбаю... З таею ж...
- З якою?
Жанчына быццам не памятае або i зусiм не ведала нiчога. На твары яе вясёлая рашучасць i злосць. От яна зараз назаўсёды адшые адгэтуль старога, каб больш не цягаўся сюды.
- Панi Галена?
- Якая я панi!
Мала калi чалавека гэтага бачыць такiм лагодным, якiм ён раптам цяпер робiцца, хiба можа, тады ён бываў такiм, як разам з лёкаямi падтрымлiваў пад локаць пана. Ён як бы просiць Галену:
- Бушмар усё роўна не вернецца...
Галена востра ўсмiхнулася, ускiнула ўгару вочы: ёй штосьцi вядома! А той гаворыць:
- Гэтакiх хутка не пускаюць. Яго закапалi надоўга. Усё адно да аднаго сабралася там.
- Вы ўсё пра нешта гаворыце можа з паўгода, - крычыць жанчына, - я сама здагадваюся, чаго вы ад мяне хочаце, але самi вы нiколi выразна пра тое, чаго вы ходзiце сюды, -не гаворыце. Гаварыце выразна!
- Я з паўгода ўсё думаю, ходзячы сюды, гэта праўда. Бушмар не вернецца, пройдуць гады, пакуль ён будзе тут. Я па-чалавецку хачу сказаць. Два разы вы адкiнулi ад сябе майго сына - навошта вы гэта робiце? Нашто вам трацiць маладыя гады, прападаць так? Гаспадарка гэта не Бушмарава...
- Мая! Я жонка Бушмарава!
- Вось, вось! Ваша! Цяпер гэтакае права. Хто робiць - таго, а вы ж яшчэ i жонка, а Бушмар правоў не мае, ён арыштант! Вам з iм разлуку трэба браць. Вы сына майго не адпiхайце. Жыць будзеце, рабiць будзеце. I тут будзеце гаспадарамi.
|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|