Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
7 из 109
.. Другi ўжо тыдзень.
Бушмар адчынiў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запалiла лямпу. Мацi прачнулася, пачала ад радасцi плакаць, гаварыць i стагнаць.
Маладая жанчына колькi разоў выходзiла i ўваходзiла - пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля мацi, пераапрануўся ў сваю цывiльную адзежу i адразу пайшоў на сялiбу. Сабака весела гайсаў следам за iм. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне... Выцягнуў з студнi вады, паспрабаваў, цi добра ходзiць коварат.
Як i заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзiўшы па двары, ён выйшаў за гумно. Там скiдаўся сялiбны ўзгорак глыбока ўнiз, у рэчку, пад стагоднiмi дубамi прэла леташняе iх лiсце. Малады ельнiк зубiў цёмную зелянiну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк i ельнiк. З чацвёртага - горбiлася поле. Неба над светам было высокае, цiхае, веснавое.
Бушмар правёў рукою па твары, як бы знiмаючы з яго штосьцi чужое i непрыемнае. Вочы яго ператварылiся ў агнiстыя стрэлкi. Ён зняў шапку, расшпiлiў жакетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавiцца ўсяго лiшняга, каб як мага глыбей чуць вялiкую музыку лясной адзiноты.
Бушмар стаяў. I от твар яго выцягнуўся, губы сцiснулiся. Ноздры раздзьмулiся i заварушылiся. Так звер чуе магутны пах лесу, зямлi, вады, вясны, адзiноты. Так жа звер чуе пах i цёплай крывi. Вочы прыжмурылiся, бровы пацягнулi за сабою ўнiз лоб.
Бушмар iшоў назад па прэлых лiсцях.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|