Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 53 из 109

Гады двапрайшло, мусiць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Амiля. I Галена застала тут вялiкi непарадак ва ўсiм тым, што не належала да зямлi i жывёлы. Навокал пачалi гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскiмi выдумкамi, праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабiўся ў людскiх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю, асаблiва старалiся каля гэтага хлопцы. I нават стары Вiнцэнты раз быў пусцiў брыдкую здагадку, што праз нейкi час, як i першы муж, Бушмар стане хворым i няўгодным ёй, але гэта не прышчапiлася да людской думкi - больш усяго цiкавiлiся Галенаю цяперашняю, а не заўтрашняю. Яна з хiтрым жартам дражнiла зiркам хлопцаў i мужчын. Святымi днямi хлопцы знаходзiлi прычыну зайсцi на Бушмараў хутар - патаргаваць насеннай канюшыны або садавiны. Галена калола iх вачыма, даводзiла iх да таго, што iм не хацелася iсцi адгэтуль, а сама, зiрнуўшы катораму з iх у вочы апошнi раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, i iшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалi каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат i сабачы брэх доўга абуджвалi лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзiў ад Галены "праўды". Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страцiць гэтай яе ласкi.

|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]