Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
82 из 109
Ён пераспаў тую ноч у кухнi на лаве, а ранiцою знiк з хаты, каб не бачыць, нiчога не чуць. Ён стаяў на ўзлеску, адзiн, пануры постаццю, але не пануры тварам цяпер. Як звер, якому дзесьцi здалёк запахла воля. Ноздры яго раздзьмулiся, бровы ссунулiся, i з-пад iх вочы свiдравалi ветравую далячынь. Высокая, чуць сутулая постаць яго доўга ўзвышалася на ўзлеску.
Там, на сонцы, снег пасыходзiў, i леташняя трава зелянiла свае вяршкi. Адзiн кусцiк яе, малады, веснавы, бялявы, папаў пад Бушмараў бот. Падкаваная набойка глыбока ўвагнала яго ў зямлю.
Пакуль не вярнуўся, Бушмар не думаў, зусiм забыўся на сваю хату i Галену з сынам.
У тую ж ноч Вiнцэнты, адхаяны сынавым доглядам, падпалiў Бушмарава гумно. Ноч была без ветру, i гумно згарэла цiха, як свечка. У iм згарэла шмат Бушмаравага набытку.
Тым часам Вiнцэнтаму падпалiць гумно не было лёгка. Ён колькi разоў варочаўся з паўдарогi, ад страху, пасля зноў iшоў. Ён цягаўся ўночы доўга, плюхаўся па мокрым снезе, правальваўся па каленi ў ваду, падыходзячы да гумна паплавамi. Нарэшце, калi прытулiўся за гуменным вуглом, пачаў шпарка жагнацца. Ткнуўшы агонь пад навiслую нiзка страху, ён з усiх сiл кiнуўся наўцёкi. Колькi разоў правалiўся па дарозе i ўвесь вымак у ледзяной вадзе да апошняй нiткi. Дадому ён не пайшоў проста дарогаю, а даў кругу паўз лес, каб не папасцiся на людскiя вочы - на пажар зараз жа пачалi бегчы. Тут ён iрваўся, каб падпалiць Андрэеву хату, але рух людзей па дарозе перашкодзiў яму.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|