Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
85 из 109
Падышоўшы блiжэй, ён пазнаў "бежанскага Ўладзю". Ён глядзеў у адно месца, кудысьцi ў поле, i маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або бессанi, цi ад слёз. Было тады холадна, восень, i ён, вiдаць, мёрз.
- Чаго ты гэтакi? - запытаў Андрэй.
- Кароў гляджу, - адказаў той.
- Дзе ж твае каровы?
- Недзе пацяглiся.
I хлапчук пачаў плакаць.
- Чаго ты?
- Бушмар чуць не забiў мяне.
- Завошта?
- Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Ранiцаю сёння сукаватым паленам па шыi бiў, схаваў мае лапцi, нарочна, каб я мёрз, гэта табе, кажа, навука.
Андрэй глянуў на босыя Ўладзевы ногi. Праўда, што яны аж пасiнелi з холаду.
- У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласцi агонь.
Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапцi, а праз колькi дзён падгаварыў кiнуць Бушмара i перайсцi ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя як за бацьку.
У той меры, як Уладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненнi яго з Андрэем неяк зменьваюцца. Калi дзялiлi панскую зямлю i калi Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Уладзя тады ўжо быў як бы нават дапаможнiкам Андрэевым. Ён нi то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як бы гэта ён сам усё гэта робiць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:
- А Бушмару нашто гэтулькi лесу?
Ён чуў, як расце ўсё больш i больш у iм страшэнная нянавiсць i да Бушмара, i да ўсiх тых гаспадароў, што трымалi яго тут за пастуха.
|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|