Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 10 из 197



Тут падняўся на заднiя лапы i забурчаў адзiны звер iншай пароды, якога дапускаюць на Раду Чарады, - Балу, лянiвы буры мядзведзь, якi вучыць ваўчанят Закону Джунгляў, стары Балу, якi можа блукаць, дзе ён хоча, бо ён есць толькi арэхi, мёд i карэнне.

- Чалавечае дзiцяня? Ну што ж, - сказаў ён, - я за дзiцяня. Яно нiкому не зробiць шкоды. Я не майстар гаварыць, але кажу праўду. Няхай сабе яно бегае з Чарадой. Давайце прымем дзiцяня разам з iншымi. Я сам буду вучыць яго.

- Нам трэба яшчэ хто-небудзь, - сказаў Акела. - Балу сказаў сваё слова, а ён жа настаўнiк нашых ваўчанят. Хто яшчэ будзе гаварыць, апрача Балу?

Чорны цень лёг пасярод круга. Гэта была Багiра, чорная пантэра, чорная ўся спрэс, як чарнiла, але з меткамi, якiя, як ва ўсiх пантэр, вiдаць на святле, быццам лёгкi ўзор на муары. Усе ў джунглях ведалi Багiру, i нiхто не захацеў бы станавiцца ёй упоперак дарогi, бо яна была хiтрая, як Табакi, адважная, як дзiкi буйвал, i бясстрашная, як паранены слон. Затое голас у яе быў салодкi, як дзiкi мёд, што капае з дрэва, а шкурка мякчэйшая за пух.

- О Акела, i ты, Вольны Народ, - пракурняўкала яна, - на вашым сходзе ў мяне няма нiякiх правоў; але Закон Джунгляў гаворыць, што, калi пачынаецца спрэчка за новае дзiцяня, жыццё гэтага дзiцяняцi можна выкупiць. I ў Законе не гаворыцца, каму можна, а каму нельга плацiць гэты выкуп. Цi праўда гэта?

- Так! Так! - закрычалi маладыя ваўкi. Яны заўсёды былi галодныя. Слухайце Багiру! За дзiцяня можна ўзяць выкуп. Такi Закон.

- Я ведаю, што не маю права гаварыць тут, i прашу ў вас дазволу.

- Дык гавары ж! - закрычала дваццаць галасоў адразу.

- Сорамна забiваць безвалосае дзiцяня. Апрача таго, яно будзе цудоўнай забаўкай для вас, як падрасце.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]