Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
172 из 197
Тады ён пабег, як нiколi ў жыццi не бегаў, па дарозе спiхнуўшы нагой адну, другую, трэцюю кучкi камянёў у цёмныя, з салодкiм пахам цяснiны, пачуў гул, падобны на гул мора пад скляпеннем пячоры, убачыў краем вока, што паветра за iм пачарнела, убачыў плынь Вайнгангi далёка ўнiзе i пляскатую трохвугольную галаву ў вадзе, скочыў уперад з усяе сiлы i ўпаў у ваду-ратаўнiцу, задыхаючыся i святкуючы перамогу. Нiводнага пчалiнага ўкусу не было на яго целе, бо часнок адпудзiў Маленькi Народ на тыя некалькi секунд, калi Маўглi iмчаўся па скалах.
Калi Маўглi вынырнуў, яго падтрымлiваў Каа, а з выступу скалы падалi ў раку, як гiры, вялiкiя глыбы, аблепленыя пчоламi, i як толькi глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталi ўгору, а труп сабакi, кружачыся, плыў унiз па цячэннi. Над скаламi раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, якi патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакi звалiлiся ў яры, якiя злучалiся з падземнымi пячорамi, i там задыхалiся, бiлiся, ляскалi зубамi сярод абваленых сотаў i, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямi пчол, выбягалi з якога-небудзь ходу да ракi, каб скацiцца ўнiз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалi на дрэвы, што раслi на скалах, i пчолы абляпiлi iх усiх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчалiных укусаў, кiдалiся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.
Каа моцна трымаў Маўглi, пакуль хлопчык не аддыхаўся.
- Нам нельга заставацца тут, - сказаў Каа. - Маленькi Народ разваяваўся не на жарты. Паплывём!
Трымаючыся глыбока ў вадзе i ныраючы як мага часцей, Маўглi паплыў унiз па цячэннi з нажом у руцэ.
Амаль палова чарады ўбачыла пастку, у якую трапiлi iх браты, крута павярнула ўбок i кiнулася ў ваду там, дзе цяснiна станавiлася шырэйшаю i пераходзiла ў крутыя берагi.
|< Пред. 170 171 172 173 174 След. >|