Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 45 из 197



Маўглi набраў лiян i пачаў iх сплятаць, а малпы паспрабавалi рабiць гэтак жа, як ён, але праз некалькi хвiлiн iм гэта абрыдла, i яны пачалi тузаць адна адну за хвасты i, кашляючы, скакаць на карачках.

- Мне хочацца есцi, - сказаў Маўглi. - Я чужы ў гэтых мясцiнах - прынясiце мне паесцi або дазвольце схадзiць тут на паляванне.

Дваццаць цi трыццаць малпаў кiнулiся па арэхi i дзiкiя плады для Маўглi, але па дарозе яны пабiлiся мiж сабой, а вяртацца з тым, што ў iх засталося, не мела сэнсу. Маўглi пакрыўдзiўся i раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, i доўга блукаў па пустэльных вулiцах, час ад часу падаючы Паляўнiчы Поклiч Чужынца, але нiхто яму не адказаў, i Маўглi зразумеў, што ён трапiў у вельмi кепскае месца.

"Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў, - падумаў ён сам сабе. - У iх няма нi Закону, нi Паляўнiчага Поклiчу, нi важакоў, нiчога, апрача дурных слоў i ўчэпiстых зладзейскiх лапаў. Так што калi мяне тут заб'юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вiнаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць i вярнуцца ў мае родныя джунглi. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавiць нiкчэмныя пялёсткi руж разам з Бандар-Логамi".

Як толькi ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулi яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, i пачалi шчыпаць яго, каб ён адчуў да iх падзяку. Ён сцяў зубы i змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамi, якiя моцна гарланiлi, на тэрасу, дзе былi вадаёмы з чырвонага пясчанiку, да палавiны запоўненыя дажджавой вадой.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]