Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
48 из 197
Пачуўся агульны енк перапуду i лютасцi, у той час як Багiра крочыла па целах малпаў, што качалiся i валтузiлiся пад ёю, адна малпа крыкнула:
- Яна тут адна! Заб'ём яе! Заб'ём!
Клубок малпаў, кусаючы, драпаючы, тузаючы i рвучы Багiру, сплёўся над ёю, а пяць цi шэсць малпаў моцна схапiлi Маўглi, падцягнулi яго да сцяны альтанкi i ўпiхнулi ў пралом купала. Хлопчык, выхаваны людзьмi, быў бы ўвесь у сiняках, бо падаць яму давялося з вышынi добрых пятнаццацi футаў, але Маўглi ўпаў так, як вучыў яго падаць Балу, i адразу стаў на ногi.
- Пасядзi тут, - крычалi малпы, - пакуль мы не заб'ём тваiх сяброў! А пасля мы пагуляем з табою, калi Ядавiты Народ пакiне цябе жывым!
- Мы з вамi адной крывi, я i вы! - хуценька шапнуў Маўглi Змяiнае Слова.
Ён пачуў шоргат i сыканне наўкол у кучах друзу i для надзейнасцi яшчэ раз паўтарыў Змяiнае Слова.
- Ссссстой ссспакойна, Маленькi Брат, iнакш ты падушыш нассс! Мы цябе чуем. Расссссуньцессся! - сказала некалькi цiхiх галасоў (усе руiны ў Iндыi рана цi позна становяцца прытулкам змей, i старая альтанка кiшма кiшэла кобрамi).
Маўглi стаяў спакойна, глядзеў праз ажурную разьбу i прыслухоўваўся да шуму бойкi чорнай пантэры з малпамi, да крыкаў, мармытання, плескачоў i густога, хрыплага кашлю Багiры, якая рвалася i кiдалася ўзад i ўперад, задыхаючыся пад кучай малпаў, што навалiлiся на яе.
Упершыню за ўсё жыццё Багiра бiлася не на жыццё, а на смерць.
"Балу павiнен быць блiзка: Багiра не прыйшла б адна", - падумаў Маўглi i гучна крыкнуў:
- Да вадаёма, Багiра! Скацiся да вадаёма! Скацiся i нырнi! Кiдайся ў ваду!
Багiра пачула яго; гэты крык сказаў ёй, што Маўглi жывы, i надаў сiлы. Яна бiлася раз'юшана, крок за крокам пракладваючы сабе дарогу да вадаёма.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|