Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
64 из 197
Пакуль хлопчыкi трымаюцца каля буйвалаў, iм не пагражае нiякая небяспека - нават тыгр не асмелiцца напасцi на цэлы статак. Але калi яны адыдуцца збiраць кветкi або лавiць яшчарак, iх можа схапiць тыгр.
На досвiтку Маўглi праехаў па вясковай вулiцы, седзячы на спiне Рамы, сама вялiкага буйвала ў статку. Сiне-шэрыя буйвалы з доўгiмi, загнутымi назад рагамi i дзiкаватым позiркам адзiн за другiм выбiралiся з хлявоў i iшлi за важаком Рамам, i Маўглi даў зразумець астатнiм хлопчыкам, што гаспадар тут ён. Ён малацiў буйвалаў доўгай адшлiфаванай бамбукавай палкай i сказаў аднаму з хлопчыкаў, якога звалi Камiя, што праедзе далей з буйваламi, а хлопчыкi няхай пасуць кароў без яго i нi ў якiм разе не адлучаюцца ад статка.
Iндыйская паша - гэта адны камянi, кусты, пучкi калючай травы i неглыбокiя яры, па якiх разыходзiцца i хаваецца статак. Буйвалы звычайна трымаюцца паблiзу балотаў, дзе шмат мулу, i цэлымi гадзiнамi ляжаць i грэюцца ў гарачай ад сонца гразi. Маўглi прыгнаў статак на той край раўнiны, дзе Вайнганга выходзiць з джунгляў, саскочыў з шыi Рамы, падбег да бамбукавага гаёчка i знайшоў там Шэрага Брата.
- Ага, - сказаў Шэры Брат, - я ўжо шмат дзён чакаю цябе тут. Навошта табе гэтая ваджанiна са статкам?
- Так мне загадалi, - сказаў Маўглi. - Пакуль што я вясковы пастух. А дзе Шэр-Хан?
- Ён вярнуўся ў гэтыя мясцiны i доўга падпiльноўваў цябе тут. Цяпер ён зноў пайшоў адсюль, бо дзiчыны мала. Ён хоча забiць цябе.
- Цудоўна! - сказаў Маўглi. - Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павiнен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калi выходжу з вёскi.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|