Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 81 из 197

Кожны звер у джунглях як-небудзь пераб'ецца, калi мала дзiчыны, але вада ёсць вада, i калi засталася ўсяго адна крынiца, любое паляванне спыняецца, пакуль Народ Джунгляў ходзiць да яе на вадапой. У добрыя часы, калi вады было шмат, звярам, што хадзiлi на вадапой да Вайнгангi або ў iншае месца, пагражала смерць, i гэтая небяспека павялiчвала асалоду начнога жыцця. Спусцiцца да ракi так спрытна, каб не зашамацеў нi адзiн лiсцiк; хадзiць па калена ў грукатлiвай вадзе парогаў, якая заглушае любы шум; пiць, азiраючыся цераз плячо, са страхам напружваючы ўсе мускулы для першага адчайнага скачка, а потым пакачацца па пясчаным беразе i вярнуцца з мокрай пысай i поўным жыватом да зачараванага тваёй смеласцю статка, - усё гэта з захапленнем рабiлi маладыя аленi з блiскучымi гладкiмi рожкамi якраз таму, што ў любую хвiлiну Багiра або Шэр-Хан маглi кiнуцца на iх i схапiць. Але цяпер гэтая гульня ў жыццё i смерць была скончана, i Народ Джунгляў падыходзiў галодны i змучаны да абмялелай ракi - тыгр i мядзведзь разам з аленямi, буйваламi i дзiкамi, - пiў забруджаную ваду i доўга стаяў над ракой, не маючы сiлы крануцца з месца.

Аленi i дзiкi дарэмна шукалi цэлымi днямi чаго-небудзь лепшага за сухую кару i завялае лiсце. Буйвалы не знаходзiлi больш нi прахалоды ў мулiстых затоках, нi зялёнай рунi на палетках. Змеi пакiнулi джунглi i прыпаўзлi да ракi, спадзеючыся злавiць цудам уцалелую жабу. Яны абвiвалiся вакол мокрых камянёў i нават не варушылiся, калi дзiкая свiння ў пошуках каранёў закранала iх лычом.

|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]