Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 41 из 84

Пакуль накармiлi студэнта хлебам i цёплай вадой, быў ужо вечар у добрай пары. Ганусiн бацька даў яму бялiзну. Ён доўга выцiраўся сваёй бруднай кашуляй i выкiнуў яе пасля ў сенцы. А сам у чужой бялiзне лёг. Яго акрылi нейкай вопраткай, i, можа быць, iлюзiя поўнага шчасця ўсцешыла яго ў гэтыя хвiлiны. Твар яго жыў павевамi надзеi, веры i радасцi. Ён ляжаў нерухома i глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлi густа, i неба зiхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры, пра тое, што на дварэ, мусiць, бралася на мароз, пра дрэва, вялiкi i чорны сiлуэт якога вырысоўваўся ў вакне, i пра сваю нечаканую радасць. А як жа! Ён знайшоў сваю радзiму. Ён дажыўся да вялiкай радасцi. Ён не мог спаць ад шчасця. Ён баяўся паварушыцца. Яму пачало здавацца, што нерухомасць хутчэй паднiме яго на ногi. I ён стараўся. Што робiць з чалавекам надзея i вера! Можна сказаць з пэўнасцю, што яны, гэтыя дзве вялiкiя сёстры, могуць заступiць месца дасягнутай мэты i ашчаслiвiць чалавека. Быццам дух радаснай надзеi запанаваў тут. Як бы настрой гэтага маладога чалавека ўзбудзiў да прагi i iмкнення душы ўсiх тут. I той, што рабiў труну, i Ганусiн бацька, i сама Гануся не маглi i не хацелi заснуць. Але тут радасць надзеi не была чыстая. Яна была атручана тым, што адбылося i пячаць чаго не знiмеш нiколi. Вельмi можа быць, што i Гануся адчувала гэта. Напэўна, i яе душыў смутак. Ёй, як i ўсiм тут, трэба было спадзявацца на час. Гэты верны доктар можа вылечыць уражаную душу i зняць з яе пячацi перажытага.

Ганусiн бацька i той, што рабiў труну, селi поплеч на лаве i маўчалi.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]