Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 44 из 84



- Гануся, цябе так, здаецца, называлi? Слухай, Гануся. Каб ты ведала толькi, як мне цяпер стала добра! Як я нанава на свет нарадзiўся.

Трэба думаць, што гэты студэнт быў вельмi бывалы i многа чаго бачыў на свеце. Але ён быў малады, i яму нялёгка было хаваць i таiць у сабе сваю радасць. Да таго ж i склад натуры мусiць быў такi. Адкрытая душа i даступная кожнаму. Шчаслiвымi вачыма ён глядзеў на Ганусю i рыхтаваўся нешта сказаць. Некалькi разоў ён перадыхнуў глыбока. Сэрца яго бiлася часта.

- Ты ведаеш, Гануся, - пачаў шаптаць ён. - Я думаў, што ўжо мне суджана навекi так ляжаць, як я цяпер ляжу. Я нiкому не перашкаджаю, i мне нiхто. Якраз паўгода таму назад я быў хворы i сядзеў, прыпёршыся да спiн i бакоў маiх таварышаў. Бо нас было многа ў цесным бараку, i не было як легчы i выцягнуцца. А чатыры гады таму я быў хворы i ляжаў у чыстай пасцелi, i мая мацi паiла мяне чаем, i я думаю, што гэта быў самы шчаслiвы час майго жыцця. Я ўжо думаў, што навекi буду без роду i без радзiмы, без волi i сваiх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць i вырвуць з душы. Мяне душыла безнадзейнасць. Я думаў: так i жыццё можа прайсцi: разам з сонцам уставаць, каб рабiць цэлы дзень i не мець сваiх жаданняў i патрэб. А ўвечары легчы спаць, каб зранку зноў устаць на работу. I родных у мяне не будзе, i дзяцей у мяне не будзе, хiба можа iм трэба было б з маiх дзяцей зрабiць сабе слуг. Гануся, у маёй галаве нават склалася горкае ўяўленне.

|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]