Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 45 из 84

На адну хвiлiну мне загадалi адагнуцца ад работы i сказалi: трэба, каб у цябе была дачка, такая, як ты: такога ж цёмнага воласу i з такiм звонкiм голасам. Мне загадалi мець дачку, бо iм трэба было мець з цёмнымi валасамi i звонкiм голасам служанку таму iхняму маладому чалавеку, якi павiнен будзе вырасцi ў мужчыну, пакуль мая дачка народзiцца i вырасце ў дзяўчыну. Мая дачка вырастае пры мне, i я яе змалку каля сябе прывучваю да цяжкай работы. Iдзе год за годам, i яна ўжо як механiзм: устае з сонцам, каб дзень рабiць i каб вечарам кiнуцца набрацца ў сне сiл да ранiцы. Першымi сваiмi маладымi гадамi я ведаў iншае жыццё, волю i радасць быць самiм сабою. I я хаваю ад свае дачкi, што ёсць цi было калiсьцi iншае жыццё. Бо калi яна будзе ведаць гэта, то жыццё яе стане горкай атрутай, пякельнай пакутай. Калi яна паказвае мне ўдалечыню i кажа, што пад тымi далёкiмi дрэвамi мусiць вельмi добра, што там многа прастору i сонца i што дарогi там iдуць у прывабную шырыню свету, я адгаворваю яе, малую, ад такiх думак. Я шкадую яе i кажу ей, што ўсё тое, што яна бачыць на свеце, - несапраўднае i фальшывае. Сапраўднае толькi ў тым механiчным жыццi, у якiм мы з ею. Наша казарма сапраўднасць, i трэба прывязацца да яе. А ўвесь свет, далей за казарму, - гэта мiраж. Так я яе выхоўваю для жыцця. Бо калi яна будзе ведаць сапраўдны свет, то хiба не будзе яе жыццё ў казарме пакутай навекi? Я ж люблю яе. Яе ж вобраз стаiць перада мною i не дае мне спакою. I я хаваю ад яе тое, што люблю яе. Я стараюся сухасцю i механiчнасцю вытруцiць з яе душы прыродныя пачаткi замiлавання i прывязанасцi да блiзкiх. Бо iх жа яна праз усё жыццё не будзе мець.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]