Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
46 из 84
Яе ж адарвуць ад мяне, як толькi яна ўзнiмецца на ногi. Дык нашто ж ёй веданне таго, што не будзе ў абсягу яе iснавання? Нашто ёй сумаваць аб тым, што нiколi не будзе даступна ёй? Пчала смокча кветку, дык адкуль жа яна будзе ведаць смак мяса? А каб у гэтым мудрым законе прыроды адбылося нейк раптам непаразуменне i пчала ўведала, што ўвесь свет месцiцца не толькi ў кветцы. Што ён у незлiчонасць разоў большы, але ж i недаступны ёй. Дык нашто ж ёй гэты лiшнi, пакутны сум? Дзе знайсцi яму апраўданне? Жыццё маё стала пакутай яшчэ i ад гэтага ўяўлення майго. Гэта стала маiм кашмарам. Я пакiнуў спаць начамi i ранiцамi, на ўсходзе сонца, мяне салдаты паднiмалi ботамi ў грудзi. Вобраз дзяўчынкi не адыходзiў ад мяне. I я знайшоў апраўданне ўсяму вось якое: я аднойчы ўбачыў, што немец, якi стаяў на варце на выхадзе з нашага лагера, як бы задумаўся. Ён стаяў вачыма ад мяне. I было цемнавата. Якое шчасце! - Аж скалынуўся я ўвесь. Такога выпадку доўга чакаць прыйдзецца. Я падышоў блiжэй да немца. Я азiрнуўся. Шчасце! Нiкога няма. Я хапiў яго за горла. I пасля доўгiх месяцаў смутку ўвесь свет напоўнiўся маею радасцю, калi я адчуваў i бачыў, як немец канае, сцiснуты за горла маiмi рукамi. Я лёг i папоўз за агароджу. Праз кiламетраў два я ўстаў i пайшоў. Я хiстаўся ў бакi ад слабасцi, i ў вачах маiх зямля як бы падала ў бяздонне. Але я iшоў. Звечара было цямней, а надпоўнач стала зорнае неба i вiсеў месяц, хоць неўзабаве ён знiк. Млечны Шлях iшоў праз усё неба. Я глядзеў на зоры i ўзяў кiрунак на ўсход. Бо лагер ваеннапалонных быў далёка на захадзе.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|