Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
50 из 84
Ад яго не было пiсем ужо нешта з год. Гэта я пасля ўжо ўсе гэтыя дакладнасцi ўведаў.
- Не ад яго, а пра яго, - сказаў чалавек.
Гэты момант астаўся ў маёй памяцi навек. Мацi збялела як палатно. "Забiты?" - прыглушаным голасам запытала яна. Чалавек кiўнуў галавой i сказаў: "Памёр у шпiталi". "Сiрата мая малая навек", - скалынулася мацi i ўзяла мяне на рукi. Вялiкая трывога напоўнiла ўсю маю iстоту. Гэта было дзiцячае адчуванне вялiкага гора. I адно, што напаўняла сабою ўвесь свет, гэта пах мокрай кары на тых дрэвах пасля дажджу. З таго часу на ўсё жыццё пах мокрай кары так жа важан мне, як i ўсход сонца, як i лета пасля вясны, i вясна пасля зiмы.
Тады праходзiлi першыя месяцы пасля канца вайны з палякамi, а бацька мой яшчэ ўмiраў у шпiталi. Тымi гадамi канчалася i маладосць мае мацi. Калi не з таго часу, то з пазнейшых год, але я памятаю запозненыя водблескi маладосцi свае мацi. Яна была заўсёды жвавая i задумёная. Мне заўсёды здавалася, што яна спяшае скончыць нейкую справу, а як кончыць гэтую, дык спяшае пачаць новую. Яна часта гаварыла мне, што мой бацька быў вельмi здаровы, дужы i здольны чалавек i вельмi любiў музыку. У яго былi светлыя вусы i густыя валасы. Але сам я не памятаю яго. Прайшлi месяцы, i пайшлi год за годам. Мацi мая станавiлася павальнейшая i скупейшая на слова. Яна ўвайшла ў вялiкi клопат. Гэта быў час такi, што ўсе абнаўлялi сваё жыццё. Калi я цяпер успамiнаю той час, то мне думаецца, што тады ў поўнай меры спраўдзiлiся словы вялiкай песнi. Тады хто быў нiчым, той станавiўся ўсiм.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|