Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
51 из 84
Кожны прыбiты жыццём i абязвечаны чалавек паднiмаў галаву i глядзеў далёка наперад. Пачаў ён дбаць не толькi аб адным днi, а аб усёй сваёй шырокай будучынi. Людзi будавалiся i бралi зямлю; зменшылiся клопаты аб хлебе i вопратцы, i дбайнасць пайшла аб вялiкiм спосабе на ўсё жыццё дзецям i ўнукам на будучыню. У такi час я вырас. Мацi плакала, што бацька не дажыў да той пары. Вялiкi клопат быў яе такi, што яна, адзiнокая, не хацела астацца ад усiх. Яна задумала будаваць дом на месцы нашай старой хаты, i стала натурай упартая i энергiчная. Лесу тады было колькi хочаш, i пляц тады льга было ўзяць якi i дзе хочаш, але яна прагла таго, каб дом стаяў на тым самым месцы, дзе i хата. Справа была такая, што мой бацька быў у яе ў прымах, а ў той хаце яна i радзiлася, i вырасла. Да таго месца яна была прывязана душой змалку дзён. "Я хачу, - сказала яна раз мне, - каб з вокан нашага дома вiдны былi гэтыя шэсць вязаў, каб цень ад iх падала на наш дом, калi заходзiць сонца, i каб з вокан свайго дома мы з табой бачылi, як яны азалочаны сонцам зранку". Гануся, каб ты толькi ведала, як я адразу зразумеў сваю мацi. У той дзень надвечар пайшоў дождж, i я цэлы вечар прастаяў пад вязамi: пах мокрай кары, здаецца, выварочваў маю душу. Я рабiўся падросткам i пачаў хадзiць ужо ў заработкi. Мацi ўсё была ў клопаце. Яна ночай не спала. Грошай напазычалася. Працавала з цямна да цямна, i на сваiм, i на чужым. Блiзка ўжо стаяла маё юнацтва. Дом быў накрыты i з вокнамi i дзвярыма, але без падлогi, i многа чаго яшчэ ў iм не хапала. Скончыў дом я, калi быў ужо на парозе свайго першага юнацтва.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|