Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 52 из 84

З гэтай прычыны i вучыцца я крыху запазнiўся. Раней я вучыўся ў педагагiчным тэхнiкуме i ўжо быў год настаўнiкам. Тады я i давёў да дасканаласцi свой дом. Дом той малы, у iм усяго пяць вокан. Але ў iм частачка мае душы. Бывала, калi я прыязджаў улетку туды, то кожны раз, на заходзе сонца, сумысля глядзеў, як цень ад вязаў кладзецца на дом. Я стараўся на кожным усходзе сонца глянуць, як шэсць вязаў стаяць, як у золаце. У спёку i суш я сумаваў, што не чую паху мокрай кары. Я панасаджваў там многа дрэў. Дарогу я абсадзiў таполямi кiламетраў на чатыры. Я тлумачыў дзецям, што кожны чалавек трэба каб пасадзiў на сваiм вяку хоць адно дрэва i паставiў калi не дом, дык хоць хату. Гэта ўсё перажыве яго i астанецца людзям. Калi-небудзь прыйдзе час, што чалавека такога не будзе па ўсiм свеце, якi не меў бы дзе прыхiлiць галаву. Так мы павiнны дбаць аб усiм свеце. Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, якi толькi хоць дзе на зямлi радзiўся на свет. I чорнае пракляцце таму, хто палiць i разбурае! На другi дзень, як толькi пачалася вайна i я адыходзiў у армiю, я пакiнуў у тым родным доме сваю мацi. Яна пастарэла, але яна жвавая i любiць быць вясёлай. Я, здаецца, яшчэ чую пах яе мiлых рук, валасоў i цеплыню яе твару, калi яна цалавала мяне на развiтанне. Апошнi раз я азiрнуўся на дом i ўбачыў дах i дрэвы. Усё зелянелася i купчасцiлася. I ўсяго было многа: i дрэў, i неба, i зямлi, i прасторы. Я пакiдаў родны дом i думаў, што немцы рвуцца сюды па нашай зямлi. Быццам бы хто мне наступiў ботам на горла.

|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]