Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
53 из 84
Калi вы мне паказалi на стол тады перад вечарам, я ўвераваў, што зноў убачу свой дом i шчаслiвы лёс дасць мне яшчэ застаць там сваю мацi. Чамусьцi я цвёрда спадзяюся на гэта. Яна пажылая, але яшчэ не старая. А старасць яе я ўшаную. Гэта ж яна пачала ставiць той дом!.. Гануся, я табе спаць не даю.
Ён змоўк i перавёў вочы з Ганусi кудысьцi ў прастору. Ноч маўчала. Гэта не была споведзь у хвiлiны пошукаў ратунку. Гэта было выяўленне пералому ў яго псiхiцы. Бесперапынная прыгнечанасць душы скалынулася i паплыла на спад. Надзея прынесла веру, а вера - радасць i ўздым. Настала маўчанне. Ганусiн бацька нейк раптам апынуўся каля студэнта i сеў блiзка пры iм. Той, што рабiў труну, таксама падышоў i сеў поблiзу. Самы старэйшы так угнуўся наперад, што здавалася, ён зараз грымнецца вобземлю. Можа ён i сапраўды быў вельмi слабы. Але ён слухаў вельмi ўважлiва. Распухлы твар яго быў нерухомы, i вочы прыжмураны. Абвязаны па галаве, ён прытулiўся левым вухам да сцяны i, здавалася, баяўся адарвацца ад яе. Таўсматы ляжаў i час ад часу пакашлiваў. Яго пачынаў апаноўваць кашаль. Галава яго, пакладзеная на кулак, вiдна была з-за комiна. Можа ён слухаў, а можа i драмаў. Той жа, у летнiм пiнжаку, як злез быў з печы на пачатку студэнтавага расказа, так i праседзеў на зямлi, прытулiўшыся плячыма да печы. Час ад часу ён выцiраў рукавом лоб. Ён пацеў. I зусiм нейк яшчэ больш абвяў. I гэты або слухаў, або так увайшоў у сябе, што можа i не чуў нiчога. Студэнт, гаворачы, паглядаў на iх на ўсiх, але без якой бы там нi было асцярогi i боязнi.
|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|