Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
54 из 84
Яны ж разам клалi тагобыка i разам злеглi хворыя! Прытым жа ён уведаў, што жыве Бацькаўшчына! Ён дома, ён на сваёй зямлi! Ён нiкога не баiцца! Няхай яго баяцца каму трэба! Ёсць дзеля чаго яму быць у прыўзнятым настроi. Ганусiн бацька нагнуўся над iм. Твар яго быццам палаў. Нейкi рух быў у душы гэтага чалавека. Ён пачаў шаптаць яму:
- Ты не гавары так многа. Я хачу, каб ты праспаў ноч. Сон найлепшае табе будзе лякарства.
Зноў студэнт ажывiўся. Штосьцi вялiкае i слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, якi так адразу разгадаў яго i раскрыў перад iм яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехi i сяброўскае слова, тады калi i сам ён быў у нейкiм маўклiвым утрапеннi. Нейкiя страшныя надзеi ўсклалi на яго плечы вялiкi цяжар i пячаць задумы пакiнулi на твары. Студэнт яснымi вачыма глядзеў на яго. I ў гэты момант з шчырай душой ён сказаў, горача i заўзята:
- Я завуся Ўладзiмiр Ярмалiцкi. А мацi мая завецца Галена Ярмалiцкая.
Так ён выказаў частачку таго вялiкага i добрага пачуцця, што было ў яго да гэтага чалавека. Цяглося маўчанне. Самы старэйшы ўсё сядзеў на печы, прыткнуўшыся вухам да сцяны, i не зводзiў вачэй з Ганусi. Часамi твар яго на колькi момантаў ажыўляўся, вочы загаралiся i галава ўскiдалася ўгару. А пасля зноў настрой ападаў, галава спускалася i ўвесь ён як бы паглыбляўся ў нейкае бяздум'е. Вiдаць, што нейкi страшны рух адбываўся ў душы гэтага чалавека. Але яго не заўважалi. Увага ўсiх, так як i яго самога, кiравалася на Ганусю.
|< Пред. 52 53 54 55 56 След. >|