Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
55 из 84
Усе на яе глядзелi ўважлiва, як бы гэта яна нейкiм чынам зачапiла боль цi радасць у душы кожнага з гэтых людзей. I таўсматы прыглядаўся на яе, i той, што рабiў труну. Студэнт глядзеў на яе з бурным захапленнем, а бацька са смуткам. Толькi той, што ў лёгкiм пiнжаку, глядзеў сабе ў каленi i перажываў штосьцi маўклiвае, як бы сваё прыгнечанне. Аднак жа, чым далей, тым болей, губы яго пачыналi перасмыквацца, i безуважнасць яго зменшылася. I ў яго душа пачынала кiпець. Можа ён памацнеў, выграўся i адлежаўся. Можа выбiлася наверх прасвятленне думкi, i пачуццё рвалася ў буру. Колькi разоў ён глянуў на Ганусю, але цяжка было заўважыць, што ляжала тады на яго твары. Бадай-што найбольш было змрочнага нездаволення i можа злобнасцi. Таўсматы ж час ад часу абводзiў вачыма ўсiх i кожнага добра разглядаў. Ён як бы баяўся кожнага або верыў толькi ў злыя пачаткi яго. Гануся можа нават i зусiм не заўважала, што многiя з iх усiх глядзяць пiльна на яе i, напэўна, штосьцi ў душы сваёй да яе маюць. Яна сядзела сабе цiха, увайшоўшы сама ў сябе. Так як i бацька яе, яна была нечым уражана. Гэта льга было заўважыць па ёй i раней. Цяпер жа рысы гэтага востра павыразнелi. Трэба думаць, што студэнтава гаворка ўжо новымi гранямi дайшла да ўражлiвасцi яе душы. Той жа, што рабiў труну, так як i Ганусiн бацька, выбраў за пункт свае вялiкай увагi студэнта. Толькi Ганусiн бацька цiха перажываў штосьцi i быў у задуме. Гэты ж, здавалася, даходзiў да нейкiх новых бурных думак. Ён глядзеў на студэнта i раптам адводзiў вочы ўбок, i зноў кiраваўся позiркам да маладога чалавека.
|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|