Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
57 из 84
Яна была родам з мястэчка Смальян, дачка беззямельнага рамеснiка. Тым часам беззямельны шукальнiк спосабу жыць, нейкi Кастусь Сямага з мястэчка Абчугi, цяслярыў месяцаў са два ў Смальянах - нехта з смальянскiх балаголаў ставiў сабе хату. На трэцiм месяцы свайго цяслярства ў Смальянах Кастусь Сямага ўзяў замуж вясёлую смальянку, дачку беззямельнага рамеснiка. На другiм жа месяцы пасля вяселля ён з маладой жонкай падаўся ў свет: маладажонская ўцеха ўцехаю, а клопат аб блiзкай будучынi - таксама меў тут месца. Гэтая маладая пара занадта ўжо сталым парадкам, i адразу, задумалася аб тым, што пойдуць дзецi i як жа будзе iм жыць тады? Адзiн год Кастусь Сямага быў леснiком недзе каля Талачына. На другi год ён астаўся за панскага парабка недзе каля Дуброўны, i нешта там не ўбыў доўга i адразу апынуўся каля Крычава. Здарылася так, што ў адным вялiкiм сяле, зусiм ужо не блiзка ад Крычава, але недзе ў тым баку, памёр сярэдняй заможнасцi чалавек i пакiнуў гараваць на гэтым свеце жонку з дачкою. Зямля была, i хата была, але што ж! Бабскiя i сiрочыя рукi! Дачка была яшчэ недарослая. Хата тая стаяла акрай сяла i на адлегласцi ад яго. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабiць ёй зямлю i весцi гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавiну ўраджаю i зойме кут у хаце. Такiм парадкам ён стаў i палавiчнiкам, i кутнiкам. Гэта i была тая самая хата, у якой цяпер i сабралiся ўсе гэтыя людзi, хворыя, аслабелыя, уражаныя бядою i пошукамi, можа нават не так радасцi, як ратунку. Каля гэтай хаты быў вельмi блiзка малады лес, без падлеска.
|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|