Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
58 из 84
А стары i вялiкi лес быў далей, але таксама блiзка. Акрай маладога лесу i з'явiлася цяпер магiла маладой нябожчыцы. Вось як усё адбывалася i дайшло да гэтых цяжкiх дзён. Кастусь Сямага год дзесяць быў палавiчнiкам у тае ўдавы. А тады ўдава памерла, а дачка вырасла i пайшла замуж у тым жа сяле. Палавiчнiка ўжо не трэба было. Малады яе муж сам узяўся за зямлю. Але хата магла б запуставаць. Кастусь Сямага i адкупiў хату ў маладой кабецiны, былой свае гаспадынi. Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, i так выплата расцягнулася на многа год. Ён зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Яшчэ на першым годзе яго жыцця тут радзiўся ў яго сын Мiкалай, а праз два гады дачка Вера. Больш дзяцей не было. Можа гэта i стала прычынай таго, што ён свайго Мiкалая, адзiнага сына, анiяк не прыцiскаў да работы, а стараўся даць яму асвету. На другiм годзе iмперыялiстычнай вайны ён павёз сына ў Рагачоўскую настаўнiцкую семiнарыю, але нешта там не ўдалося яму астацца вучыцца. У тыя ж самыя днi ён апытаў i выслухаў, што за Менскам у Нясвiжы ёсць настаўнiцкая семiнарыя. Адразу ж ён i паехаў туды з сынам. У Менску яны перабралiся з аднаго вакзала на другi i выехалi далей на захад. З мяшкамi за плячыма, яны iшлi пехатой трыцаццаць вёрст ад станцыi Гарадзеi да Нясвiжа, i праз колькi дзён Кастусь Сямага ўзрадаваўся душой: сын яго Мiкалай астаўся вучыцца. З таго часу i на доўгiя годы Мiкалая Сямагу агарнула думка, што ён праз усё жыццё будзе настаўнiкам i дзе-небудзь у глухiм месцы, каб не адрывацца ад прыроды.
|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|