Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
64 из 84
Жах агарнуў яго. Прышэлец на родную зямлю, чужынец, вырывае iх душу i на яе месца пакiнуць хоча сваю, iм чужую! Гэта было яму, як злая атрута. Ён пачаў кiдацца i шукаць спосабу, каб што парадзiць. Ён ехаў у навуковую камандзiроўку за гранiцу. На станцыi Гарадзея, у страшным бяздум'i, ён пачаў спускацца з вагона на перон. А як жа! Ён выйдзе на Нясвiжскую дарогу i дабрыдзе да iх. Ён убачыць iх, хоць на момант. Вельмi далiкатна жандар папрасiў яго падняцца назад у вагон. Ён падпёр твар рукамi, i скруха здушыла яго. Пасля гэтага было ад iх яшчэ адно пiсьмо. Надзея пiсала, што дастала службу ў маёнтку. Яна парабчанка i мае нейкi хлеб. Ён пачаў змагацца сам з сабою. Ён стараўся прыглушыць у сабе памяць аб iх. Як тупое ўспамiнанне далёкiх сноў, вобраз Надзеi ўставаў перад iм i мучыў яго. Ён гнаў ад сябе гэты вобраз, як прыгавораны да смяртэльнай пакуты вясёлы жыццялюбец гонiць думку аб нябыццi. Так прайшла яго маладосць, i так плыла яго сталасць. Увосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года ён дапаў да старога Багушэўскага дома на Новым Месце ў Нясвiжы. Яму здавалася, што сэрца разарве яму грудзi, калi ён увайшоў у знаёмыя яму прасторныя сенцы. Як жывыя сведкi аб змарнованых дваццацi гадах жыцця стаялi перад iм Ганна i Марына. Яму трэба было перарадзiць душу, каб прывыкнуць да страшнай думкi, што ў маленстве сваiм яны абедзьве для яго страчаны. Маленства iх адышло ў вечнасць.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|