Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
65 из 84
Перад iм стаялi яны, так падобныя адна на адну, i ў iх былi ўжо тыя рысы, што астануцца навек i не адыдуць на пераломы веку ў блiзкае ўжо юнацтва. Ён доўга ў Нясвiжы не быў. Разам з Надзеяй i iмi дзвюма ён адразу выехаў у Менск. Ён i Надзея ашуквалi самi сябе, стараючыся думаць, што нiчога страшнага не адбылося i што да iх вярнулася шчасце, якога яны праглi гэтулькi год! Але была бязлiтасная праўда: у iх ужо не было iх юнацтва. У кожнага з iх яно прайшло ў сумнай адзiноце.
Ён зноў i далей аддаўся сваёй працы. У красавiку сорак першага года ён перадаў ураду рэспублiкi свой план пабудовы ў кожным раёне заводаў мясцовай прамысловасцi. Гэта быў вынiк яго трохгадовага доследу прыродных багаццяў кожнага раёна. Дваццаць чацвёртага чэрвеня таго ж года, пад канец другой гадзiны пасля паўдня, ён з Надзеяй i дзецьмi ўвайшоў у сваю кватэру на трэцiм паверсе. Яны пераадзелiся, каб быць гатовымi выбрацца ў дарогу, калi настане рашучы момант. Да гэтага моманту ўжо адбылiся першыя, не менш жудасныя, як i апошнiя, нямецкiя налёты на Менск. Ужо яны выйшлi з кватэры на ўсходы. Толькi Марына асталася яшчэ ў кватэры. Яна пытала адтуль, цi замыкаць кватэру, цi ўжо так яе пакiдаць. Праз колькi секунд пасля яе слоў увесь дом страсянуўся. Бомба прабiла ўсе паверхi яго i разарвалася пры яго падмуроўцы. Ён i Гануся стаялi яшчэ блiжэй да дзвярэй свае кватэры, i гэта выратавала iх. У самой кватэры момантнай хваляй збiла Марыну з ног. Яна ўпала, нiчога не бачачы i мала што чуючы. Яна маўчала лежачы. Гануся з бацькам стаялi ў такiм месцы на ўсходах, дзе нiшто не кранулася. Дзе была нiжэйшая пляцоўка гэтых усходаў, рушылася сцяна.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|