Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 66 из 84

Яна рассыпалася на цэглы i кавалкi вапны i пацягла за сабою Надзею. Надзея ўпала на двор i апынулася пад сподам рассыпанай сцяны. Ён знайшоў Марыну i падняў яе. На двары таго дома расла старая iгруша. Ён пасадзiў Марыну пад тым дрэвам i кiнуўся адразу ратаваць Надзею. Разам з Ганнай яны пачалi раскiдаць цэглу. Набеглi людзi i разабралi цэглу так, што пачулi Надзеiн голас. Яна стагнала i клiкала яго. Ужо вiдно стала яе адзенне. Ужо ён спусцiў у гэты каменны цяжар руку i дакрануўся да яе. Ён чуў яе голас з гэтай каменнай магiлы. Ён прыпаў тварам да вузкага правалу памiж цэгламi, каб сказаць ёй слова. I ў гэты момант усё ўздрыганулася, i чорны дым з рухавым агнём напоўнiў сабою свет. Звыш сотнi немцаў зноў ляцела над Менскам. Ён усхапiўся i ўбачыў, што над яго галавой калываецца чатырохпавярховая сцяна: суседнi дом раскалоўся, гарыць i рушыцца. Ён убачыў, што Гануся бяжыць да Марыны, i яго дзiвiла, што Марына сядзiць нерухома на тым жа месцы, нейк дзiўна прыўзняўшы ўгару твар. Яго выратавала тое, што ён у гэты момант пабег да Марыны. Расколаны i ахоплены агнём дом упаў i пахаваў пад сабою Надзеiну магiлу. Цяпер Надзеiна магiла стала аграмаднай. Яна ўся палала агнём. I ўсюды ўсё гарэла. Ён абняў рукой Марыну i павёў яе з вогненнага мора.

- Гэта пажар? - сказала Марына.

- А хiба ж ты не бачыш? - адказаў ён.

- Не, не бачу, - сказала яна, i ён акамянеў ад жаху: толькi цяпер ён дайшоў да свядомасцi таго, што Марына стала сляпая. Сам з настроем як у магiле ён азiрнуўся туды, дзе ў каменнай магiле гарэла яго Надзея.

|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]