Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 67 из 84

Здаецца,агонь пачынаў абнiмаць увесь горад. Надзеiна магiла была высокiм слупам агню i дыму. Надзея тлела ў агнi, скованая каменнем, не могучы паварушыцца, каб хоць адвярнуць твар ад пякельнай пакуты. Прыцiснуўшы да сябе Марыну, бадай-што несучы яе, ён выйшаў на вулiцу i да самай ночы пiльнаваў вогненную Надзеiну магiлу. "Божа, - шапталi яго губы, - няхай бы ты быў i iснаваў i зрабiў бы так, каб яна пад агнём даўно ўжо была нежывая". Сам быццам напоўнены агнём, ён вывеў Марыну на Чэрвеньскi гасцiнец. I толькi тады заўважыў, што Гануся iдзе поплеч яго. Усю ноч неба над iмi было вогненнае. Менск не патух i да дня. Менскi пажар толькi зблекнуў пад сонцам. Многа дзён яны ўсё iшлi i iшлi. Гэта было шчасце, што Марына магла трымацца на нагах. Патаемныя яго iмкненнi вялi яго ў родны дом, дзе ён радзiўся i вырас. Дзён праз два хады ён пачаў многа гаварыць з iмi абедзвюма. Гэта была прага разважыць сваю скруху i не паддацца гiбелi. На трэцюю ноч яны яшчэ бачылi водсветы менскага пажару. Пад сярэдзiну другой палавiны лiпеня яны дабрылi да таго прывабнага месца, якое завецца "родны дом". Замок вiсеў на дзвярах. Значыцца, Вера тут не была. Усе ўтраiх яны ледзьве трымалiся на нагах. Ён адарваў замок з прабоем. I ўжо назаўтра яму стала ясна, што тут падарожжа яго не канчаецца. Стала вядома, што па шашы гэтую мясцовасць ужо мiнулi нямецкiя танкi. Але Марына ўжо больш не магла iсцi. Яна ўжо нават устаць не магла. У сенцах быў тапчан, i на iм зрабiлi Марыне пасцель.

|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]