Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 69 из 84

Немцы мабiлiзавалi мяне ў сваю армiю. Я ўцёк i туляюся, выпрасiўшы сабе ў чалавека пад Слонiмам адзежу.

Эдуард Новак тут i астаўся, таксама чакаць будучынi. Самым галоўным яго клопатам стала Марына. Ён раiў ёй i лекi: спакой, цiшыню i сон. Пад канец той восенi нейкi, можа нават i заблудны цi збiты з тропу немец скiнуў дзесьцi тут свой груз бомбаў. У чыстым полi i сярод дня. Аддалены грукат дайшоў да вушэй Марыны, i яна змянiлася з твару. Вельмi можа быць, што ў яе падсвядомасцi пачалi ўзнiкаць карцiны перажытага. Яна ўпала ў адчай i смутак, i хвароба яе як бы адкiнулася. I найвялiкшае гора было тое, што яна зноў пакiнула бачыць. Эдуард Новак не адыходзiў ад яе. Ён хадзiў сам у блiзкае Залессе, дзе жылi ў зямлянках людзi, i даставаў там Марыне хлеб. Ён жа ёй зрабiў i труну, i гэта бачылi тыя ўчатырох, калi толькi што з'явiлiся сюды. Калi Марына ляжала ўжо нежывая, Эдуард Новак стаў на каленi, пацалаваў ёй ногi i сказаў, душачыся горам:

- Няхай жыве Чэхiя! А я да старасцi цябе памятаць буду.

Гэты самы чэх i кiраваў цяпер, у гэты познi вечар, усю сваю ўвагу на студэнта Ўладзiмера Ярмалiцкага. Калi Мiкалай Сямага скончыў шаптаць студэнту пра сябе, чэх стаў над студэнтам i, крывячы вочы на печ, дзе калываўся немец з апухлым тварам, сказаў, горача i як бы тонам важнага паведамлення:

- Калi Марына памерла, мне цяжка было на цэлы той дзень астацца пры маёй надзеi на мой зварот на бацькаўшчыну. Я хачу сёння саснiць Марыну, а табе жадаю саснiць тваю мацi ў родным доме.

|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]