Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
71 из 84
Адзiн толькi немец з апухлым тварам нешта ўсё шморгаў нагамi аб печ. Калi Гануся зiрнула на яго, то ўбачыла, што ён стараецца злезцi з печы. Нарэшце ён нейк няспрытна саскочыў з яе i, прыклыбаўшы да акна, прыпаў iлбом да халоднай шыбы. З тым сваiм ранейшым жудасным акцэнтам, ломячы расейскiя словы, ён прагаварыў:
- У мяне дома ёсць пятнаццацiгодняя Гертруда. Яна любiць глядзець на зоры.
I раптам адбылося нечаканае. Гануся аж уздрыганулася. Апухлы свой твар ён наблiзiў да Ганусiных вачэй i пачаў гаварыць. Чамусьцi гэта было падобна, што ён хоча сваiм страшным хрыпатым голасам праспяваць тое, што хацеў сказаць.
- Дзяўчына, галубка!.. ("Галубка" ён выгаворваў "калюбка".) Калюбка, паслухай мяне. Я чую свой канец. Я не вытрымаю да канца. Усё ўжо скончана, Божа, ратуй мяне. Калюбка! Ты маладая, ты яшчэ малая. Мне здаецца, што я даўно ведаў, што ты ёсць на свеце. (Яна сядзела збянтэжаная.) Каб ты ведала мой смутак, калюбка! Мая Гертруда паўстае перада мной, калi я гляджу на цябе. Яна ў тваiх гадах. (Ён раптам змянiў тон просьбы на апавяданне.) Гертрудзе цяпер пятнаццаць год. Яна радзiлася, калi я чуў ужо блiзасць старасцi. Гэта ад другое мае жонкi. (Зноў тон яго змянiўся. Гэта быў смутак страшны сваей пячаццю на яго апухлым твары.) Калюбка! У цябе маладая душа. Думай пра сваю мацi, бо гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Думай пра яе i пашкадуй мяне. Прасi бацьку свайго i сама будзь такая, каб з ласкай абысцiся са мною. Каб я быў тут як з сваiмi, гэта здыме з мяне хваробу. Я ўвесь калачуся ад слабасцi.
|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|