Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
70 из 84
- А я ўжо снiла Марыну, - абазвалася нечакана Гануся, i наяе голас азiрнулiся ўсе. А яна абвяла кожнага з iх вачыма, i выраз яе твару быў такi, быццам яна хацела сказаць: "Якое было б шчасце, каб вы ведалi, як мне цяжка жыць! А калi i лепш стане, то нiводная ж з нябожчыц з мёртвых не ўстане". Пячаць вялiкага смутку ляжала на яе твары. Выраз яе твару быццам прыгнятаў увесь свет.
- Як густа зоры ў небе сталi! Усё неба ў зорах! - раптам сказаў студэнт i прыўзняўся на локцi. Вочы яго кiравалiся ў акно, за якiм была зорная ноч i сiлуэт вялiкага дрэва.
- Млечны Шлях! - моцна сказала Гануся, павярнуўшыся да акна. - За дзень да вайны, калi мы яшчэ i не думалi, што яна будзе, мы з Марынай цэлую ноч прастаялi на балконе i глядзелi на Млечны Шлях. Гэтая зорная дарога так вабiла кудысьцi нас! Мы тады з Марынай маўчалi-маўчалi...
- Нашто мне зоры, калi iх не бачыць Марына! - бурна сказаў Мiкалай Сямага i сцiснуў зубамi нiжнюю губу.
- Божа, якое зорнае неба бывае ў Чэхii, - не менш бурна сказаў Эдуард Новак i застыў перад акном. Студэнт, як уражаны доўгачаканай радасцю, не адрываючыся, глядзеў у зоры. Ён перарваў маўчанне ўзбуджаным шэптам:
- Уночы пасля дажджу, калi мокрая кара шасцi вязаў пахла на ўвесь свет, заўсёды ясныя былi зоры.
- Калi я быў малы, над Бранчыцкiм маёнткам заўсёды ясны быў Млечны Шлях, - сказаў той, што так перамёрз быў у летнiм пiнжаку.
Пачалося маўчанне. Усе як ёсць маўчалi i кiравалiся тварам i вачыма ў неабдымны свет прасторы, сярод якога стаяла гэтая хата.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|