Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 72 из 84

Голад парваў у мяне ўсё ўсярэдзiне, i холад прайшоў навылёт праз мяне. Можа каб былi пры мне блiзкiя людзi, можа мне яшчэ i не суджана памерцi. I яшчэ можа доўга мне жыць суджана. Я яшчэ не стары. Я на чужой зямлi i сам не ведаю дзе. Наша часць уся лягла касцьмi, i я ратаваўся ў тыл. Я думаў, што дабрыду да Германii. Тое, што мяне палiчылi б дэзерцiрам i судзiлi б, здавалася мне глупствам перад тым, што я ўбачу Гертруду. Я баяўся людзей. Я галодны i ў холадзе бадзяўся, як няшчаснае стварэнне. I цяпер бачу, што нiкуды я не дайду, а ўпаду на дарозе i кончуся. Калi праз якi-небудзь цуд я дабрыду яшчэ да Германii, Гертруда напiша табе, а ты напiшы ёй. Вы будзеце сёстрамi навекi. Калюбка! Я ледзьве жыву. Запытаешся ў сваёй мацi, i яна пахвалiць цябе, калi ты будзеш Гертрудзе сястра, а мне выратавальнiца.

Уражаная i збянтэжаная, Гануся ўстала i адступiла два крокi.

- Як жа я скажу ўсё гэта сваей мацi, калi яе немцы спалiлi ў Менску! крыкнула Гануся, i голас яе перарваўся.

- Гэта не немцы зрабiлi, - абазваўся адразу з печы таўсматы. - Гэта Гiтлер, Гiтлер вiнават.

- У Марыны адабраў жыццё не Гiтлер, а той лётчык, якога Гiтлер паслаў. Нешта занадта шчыра гэты лётчык стараўся! - панура i як бы з развагаю сказаў Мiкалай Сямага.

Гануся лягла на лаве, паклала галаву на бацькавы каленi i ўздрыганулася: яна душыла свой плач.

- Нам трэба пакiнуць гэтае месца, - цiха сказаў ёй бацька. - Я што-небудзь прыдумаю. Тут можна не вытрымаць.

- Пойдзем на Случчыну, да мае мацi. Там можа няма такой адзiноты. Там такi прытульны ў нас дом.

|< Пред. 70 71 72 73 74 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]