Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
78 из 84
Салдаты загадалi яму скiнуць пiнжак, але ён не спяшаўся. Яго пачалi абмацваць. Ён так абвяў, што, здавалася, ён нiчога не цямiць, што робiцца каля яго. Пасля яму загадалi сесцi i маўчаць. I ён сеў на падлогу i прыпёрся плячыма i галавой да сцяны.
- Трыццаць чалавек тут памесцiцца пераспаць да ранiцы? - сказаў афiцэр да Сямагi.
Той нейк як бы ўзрадаваўся, устаў з свайго месца i адказаў, паказваючы на "халодны пакой":
- Там можна на падлозе. Калi напалiць тут печ, то i там стане цёпла.
- Напалi печ, - сказаў афiцэр i сеў за стол.
- Уставай, - сказаў Сямага да студэнта, - тут яны вячэраць будуць. - I кiнуў яму яго адзежу. - Гануся, хадзем па дровы, напалiм печ.
I ён, i Гануся апранулiся, каб iсцi па дровы. Нешта вельмi многа яны нанасiлi тых дроў. Гануся выцягнула з печы чыгуны з гатовым мясам i ўсё падкiдала i падкiдала дровы. А бацька ўсё насiў iх з двара, i ўсё хадзiў за iм следам салдат. Нарэшце i Гануся зноў пачала насiць з бацькам дровы. Салдаты, чалавек трыццаць, увайшлi ў "халодны пакой" i ўмошчвалiся спаць на падлозе. "Халодны пакой" пачынаў рабiцца цёплы. Тут жа, каля печы, ужо не ўстояць было ад гарачынi. Варшавяк сядзеў усё на падлозе i раптам пачаў плакаць. Як малое дзiця, ён цёр кулакамi вочы i пачаў стукаць патылiцай аб сцяну. I нечакана ён сказаў да студэнта, якi сядзеў на падлозе пры другой сцяне, поплеч з Новакам:
- Вазьмi мяне з сабой на Случчыну.
- На якую Случчыну, што ты выдумаў? - трывожна абазваўся Ўладзiмер Ярмалiцкi.
- А ты ж казаў, што iдзеш да маткi i гаспадара хаты возьмеш з сабою.
|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|