Мураваны скляпок (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
2 из 21
Аднойчы, працiраючы ад пылу вочы i аблiваючыся потам ад гарачынi, ён вёз дадомукаменне. На вулiцы стаяў натоўп.
- Тоня! - гукнулi яму. - У салдаты збiрайся, вайна!
Ён анямеў. Сэрца яго быццам упала на сваё месца з нейкай страшэннай вышынi i зноў паднялося туды ж, каб зноў падаць. Уз'ехаўшы на двор, ён не заўважыў нi ўкопанага ўчора на брамку ў агарод новага шула, нi маладзенькай рабiнкi перад вокнамi. У страшэнным смутку ён перабыў дзень, а назаўтра, яшчэ сцямна, паклiкаў перакупшчыка, прадаў шмат што з гаспадаркi i паехаў за дваццаць вёрст у горад, да доктара, якому некалькi год яшчэ да гэтага вымуроўваў печы ў новым доме. Тоня быў да шмат чаго майстар, а доктар рыхтаваўся да старасцi i выбудаваў сабе ўласны дом.
Доктар пазнаў Тоню, але гэта мала памагло справе: усё адно цана была загароджана здаравенная. Тоня паспрабаваў як умеў далiкатна i лiслiва патаргавацца. Але тут жа ўбачыў, што гэта яму не перакупшчык, i змоўк. Доктар даў яму чагосьцi выпiць i сказаў прыехаць праз дзён пяць, а пакуль што ляжаць у пасцелi.
Тоня Базылькевiч пяць дзён скардзiўся на боль у жываце - i сапраўды яму, небараку, прыйшлося крута. З сям'i яго была толькi сястра, i яна цiхом плакала, шкадуючы брата.
Людзi пайшлi ў салдаты, а Тоня астаўся правiцца. На шосты дзень сястра завезла яго да таго самага доктара i там пакiнула. Доктар паклаў яго ў сваю ўласную бальнiцу i сказаў:
- Можна баранiцца ад салдат вачыма, жыватом, грудзьмi - чым хочаш. Выбiрай, толькi не марудзь, мне часу няма.
Тоня падумаў: зачапi жывот, то працаваць не будзе як.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|