Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 4 из 21

I хоць Тоня Базылькевiч ужо не мог са свайго месца разгледзець iх, ён усё ж адчуваў свой агарод: з яго цяклi запахi. Гэта паменшыла яго смутак. Пасля падзьмуў вецер, запахлi з-за гумен каноплi, i Тоня Базылькевiч яшчэ мацней пачаў бiць абухам, поўны ўпартай волi працаваць да сёмага поту.

У гэты момант пачуўся з двара скрыпучы голас:

- Дзяндобры, пане Базылькевiч.

Пане Базылькевiч, забыўшыся на недасканаласць сваiх цяперашнiх вачэй, азiрнуўся i нiкога не ўбачыў. Але з голасу ён пазнаў, што дзесьцi ў глыбiнi двара iдзе да яго мельнiк Сымон Бiрыла. Так i ўяўлялася Тоню, што доўгi i тонкi, як прут, Бiрыла, пачухваючы пальцам шыю, шырока сцiбае нагамi дзесьцi яшчэ каля хатнiх сянец.

- Добра здароўе! - абазваўся Тоня i, каб не трацiць марна часу, зноў падняў угару абух.

- Чаго я да цябе, пане Базылькевiч, прыйшоў, - загаварыў Бiрыла, працягваючы Тоню руку.

- Ну чаго?

- Тут, пане-браце, такая загваздка выходзiць, што цi не ўзяўся б ты мне малатарню паправiць?

Тоня Базылькевiч быў добры майстар на такiя рэчы, i душа яго ў гэты момант устрапянулася: калi ўдзень працаваць дома, на сваёй гаспадарцы, то ўночы пры агнi можна пры Бiрылавай малатарнi. А часамi можна i ўдзень часiну ўварваць. Адмовiцца ж ад такой работы нельга, гэта само шчасце iдзе ў рукi чалавеку, гэта жывы заработак! Работа зробiцца, час пройдзе, а заробленыя грошы ён аберне на заняпалую гаспадарку.

- А многа ў самiх работы каля малатарнi?

- Хадзем паглядзiм.

Пайшлi аглядаць.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]